Навіны Быхава адным абзацам
Лаўрэатамі конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” у 2016 годзе прызнаны 248 тавараў, якія выпускаюцца 139 арганізацыямі. У ліку пераможцаў у намінацыі “Харчовыя тавары” прадукцыя брэнда “Хозяин-Барин» Быхаўскіх вытворцаў “Перац салодкі марынаваны стэрылізаваны” і “Джэм малінавы стэрылізаваны”.
ТВОРЧАСЦЬ
Майстар-клас ”Ткацтва паясоў на бярдзе” для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Нашы рукі — не для скукі” правяла ў РЦК майстар-метадыст цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Алена Новікава. Гэты жанравы накірунак яна выбрала пасля наведвання этнаграфічнага музея НАН Беларусі. Тэхніку пляцення паясоў асвоіла самастойна і зараз перадае ўсім жадаючым сакрэты майстэрства. Сама Алена Новікава саткала ўжо больш за пяцьдзясят паясоў.
ТЭХНІЧНЫ АГЛЯД
На дыягнастычнай станцыі Быхаўскага філіяла аўтапарк №6 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» за мінулы год прайшлі тэхнічны агляд 5 тысяч 199 адзінак аўтатранспарту. Пры гэтым выручка прадпрыемства склала звыш 80 тысяч рублёў. Дадзены від дзейнасці прынёс прыбытак амаль 35 тысяч рублёў. У цэлым дыягностыка аўтамабіляў ўносіць значны ўклад у фінансавы стан прадпрыемства. Вось толькі з кожным годам колькасць аўтамабіляў, якія праходзяць тэхнічны агляд на станцыі, памяншаецца прыкладна на 600 — 800 адзінак.