І згадаць страшна, і забыць нельга

73 гады таму назад, 17 ліпеня 1942 года, адбылася адна з самых страшных трагедый на беларускай зямлі, у шматвекавой гісторыі нашага народа. Тым спякотным летнім днём фашысты спалілі вёску Красніца на Быхаўшчыне разам з усімі яе жыхарамі. Эсэсаўскія карнікі палічылі гэта помстай за збіты партызанамі непадалёку ад вёскі нямецкі самалёт, забралі жыцці сотняў нявінных старых, малых, жанчын.

DSCN2449

Кожны год у гэты дзень у Красніцу з’язджаюцца нашчадкі сваякоў загінуўшых, каб аддаць даніну памяці ахвяраў фашысцкіх катаў. Традыцыйным стала правядзенне мітынгу-рэквіема, які сёлета меў назву “І згадаць страшна, і забыць нельга”. Пачаўся ён словамі вядучых пра мужнасць савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адчайнае супраціўленне фашысцкай навале, вершаванымі радкамі пра перапыняныя жыцці, неадбыўшыяся радасці мацярынства, дзяцінства…

DSCN2448

Пра непераходзячы боль памяці аб забітых і спаленых жыхарах вёскі Красніца, неабходнасць выхавання цяперашніх пакаленняў беларусаў на адначасова трагічных і слаўных старонках нашай гісторыі, каштоўнасць мірнага жыцця ў Беларусі гаварылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Нэла Шунькіна, старшыня Смаліцкага сельскага выканаўчага камітэта Ніна Клімянкова, першы сакратар раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Павел Кузняцоў.

У памяць аб усіх загінуўшых, спаленых, закатаваных фашыстамі ў тую страшную вайну да абеліскаў мемарыяльнага комплексу, помніку савецкаму воіну-вызваліцелю былі ўскладзены кветкі і гірлянды ад кіраўніцтва раёна і сельсавета.

Пад бомканне памінальных званоў прысутныя ўшанавалі памяць ахвяраў фашызму хвілінай маўчання.

Мікалай Ахрыменя.

І згадаць страшна, і забыць нельга: 2 комментария

Комментарии запрещены.